Рыгор Якутоўскі: Беларусы з’яўляюцца самымі старажытнымі індаеўрапейцамі



Публіцыст, даследчык беларускай даўніны і пісьменнік жанру папулярнай літаратуры Рыгор Якутоўскі з Масквы наведаў Берасце. Падчас дыскусіі на адной з асветніцка-культурных пляцовак горада ён распавёў пра свае кнігі, сярод якіх і выданні з інфармацыяй пра беларускую міфалогію на рускай мове:

Адное з адкрыццяў, якое я зрабіў, – гэта тое, што беларусы – як асобная народнасць, як асобная этнічная група з’яўляюцца  самымі старажытнымі індаеўрапейцамі, носьбітамі самай старажытнай міфалогіі. Прычым, гэтая міфалогія існуе ў помніках, якія , як высветлілася, вельмі добра захаваліся.

Нядаўна выйшла ў свет выдатная кніга Алеся Шамака “Міфалогія беларусаў”, самы поўны збор, зроблены яшчэ ў мінулыя стагоддзі.  Вось гэтая міфалогія значна больш поўная, чым міфалогія германцаў, кельтаў і іншых народаў Еўропы. Акрамя ўсяго іншага, яна больш архаічная, чым міфалогія нават тых жа індусаў. Гэтая міфалогія шаманская, і практыка абрадаў, якая да гэтай пары існуе ў Беларусі, таксама шаманская. Гэта значыць, ідзе значная апора на стан змененай, пашыранай свядомасці і ўзаемадзеянне з продкамі і духамі. Чаго даўно ўжо няма ў іншых краінах, нават тых,  якія фармальна лічацца паганскімі і культывуюць традыцыйную культуру.

2015-08-04_liaskievic_bielaruskaja_mifalohija

РР: Якія адметнасці беларусаў Вы назіралі падчас сваіх даследаванняў?

Рыгор Якутоўскі: Ёсць вельмі шмат архаічных элементаў і ў знешнім абліччы, і ў мове, і ў паводзінах, і нават у эканоміцы. То бок, “беларускі цуд” – гэта ў тым ліку і Божае  наканаванне, якое рэалізуецца праз людзей, якія з’яўляюцца добрымі працаўнікамі, надзейнымі партнёрамі. У Расеі тэрмін “беларуская якасць” зараз лічыцца вышэйшым сведчаннем. Беларусы лічацца вельмі добрымі, сумленнымі работнікамі, і  нават у падручніках этнічнай псіхалогіі напісана, што “беларусы адрозніваюцца асаблівай дбайнасцю пры выкананні рознай працы”.

Я лічу, што беларусы па сваіх патэнцыйных мажлівасцях максімальна блізкія да стваральнікаў ёгі – тым, хто беражліва захоўвае шаманізм.

Сам Рыгор Якутоўскі навуковец-псіхолаг, але ў вольны час ён даследуе Беларусь у шырокім коле аспектаў. Таксама ён з’яўляецца прадстаўніком нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы».

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле