Рыгору Грыку завочна прысудзілі штраф за пікет
Суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна завочна пакараў грамадскага актывіста Рыгора Грыка штрафам у 50 базавых велічынь за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага пікета другі раз за год. Грык не атрымліваў позвы ў суд і з’ехаў з краіны ў пошуках працы.
Суддзя Аксана Копач ўзяла пад увагу сведчанні міліцыянтаў і супрацоўніцы ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта. Ніхто з іх да Грыка не падыходзіў. Першыя вялі відэаздымку, другая толькі бачыла Грыка на месцы пікету, – кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:
– Да Грыка падыходзілі два маладыя міліцыянты. Яны паглядзелі ў яго пасведчанне даверанай асобы, не знайшлі парушэнняў і адышлі. Чамусьці іх не запрасілі на суд. Без Грыка суд увогуле не павінен быў пачынацца. Апытвалі кандыдата ў дэпутаты Чарнавуса, ён падаваў суддзі хадайніцтва, але яна адмовіллася яго прыняць.
Паводле Сяргея Гоўшы, у хадайніцтве Чарнавус напісаў, што перадвыбарчы пікет, у якім Грык, як яго давераная асоба, прымаў удзел, законны.
Беларускае Радыё Рацыя