Рыгору Кастусёву падоўжылі тэрмін зняволення да 12 красавіка



Як паведаміў з-за кратаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, тэрмін яго ўтрымання пад вартай быў у чарговы раз падоўжаны. Згодна з пастановай следства, палітык будзе знаходзіцца пад вартай да 12 красавіка.

Як адзначаюць паплечнікі Рыгора Кастусёва па партыі, ад пачатку 2022 года перапіска са зняволеным палітыкам пагоршылася: лісты з СІЗА даходзяць са значным спазненнем, лісты да зняволенага часцяком увогуле не даходзяць.

Атрыманы напачатку сакавіка ліст ад Рыгора Кастусёва быў адасланы яшчэ да пачатку расейскага ўварвання ва Украіну. Тым не меньш, у лісце палітык выказвае заклапочанасць нарастаннем міжнароднай напружанасці. Старшыня Партыі БНФ выказвае шкадаванне з той прычыны, што накладзеныя на Беларусь санкцыі руйнуюць эканоміку, б’юць па дабрабыце насельніцтва, і ўскладае віну за гэта на дзеючае кіраўніцтва Беларусі.

Рыгор Кастусёў піша, што лісты з волі пра актуальныя палітычныя падзеі даходзяць да яго нерэгулярна. Ён адзначае, што пра падзеі ў свеце вымушаны дазнавацца ў скажонай форме, пераважна праз прызму беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

Датычна крымінальнай справы аб змове з мэтай захопу ўлады, паводле якой Рыгору Кастусёву было выстаўленае абвінавачваньне, палітык адзначае адсутнасць аніякіх следчых дзеянняў са сваім удзелам. У лютым следства вынесла пастанову аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай на чарговыя два месяцы, да 12 красавіка 2022 года. “Гэта будзе роўна год як я знаходжуся за кратамі” – піша Рыгор Кастусёў у лісце да паплечнікаў па партыі. Паводле меркавання зняволенага, справа да суду можа дайсьці хіба што недзе ўлетку.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, разам з амерыканскім адвакатам беларускага паходжання Юрасём Зянковічам, літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам былі абвінавачаныя паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.  Віну Рыгор Кастусёў не прызнае. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука, яшчэ некалькі асобаў, які праходзяць па справе, знаходзяцца за межамі Беларусі.

У  снежні мінулага года беларускія правабарончыя арганізацыі адмысловай заявай прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем. “Акалічнасці справы, узрост, стан здароўя змешчанага пад варту палітыка сведчаць аб адсутнасці неабходных падставаў для ўтрымання пад вартай на працягу доўгага часу” – сцвярджаюць прадстаўнікі правабарончага руху і заклікаюць вызваліць Рыгора Кастусёва з-пад варты. Адылі, хдайніцтвы аб змене меры ўтрымання на хатні арышт праз стан здароўя да гэтага ўвесь час заставаліся без задавальнення.

Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:

СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Кастусёву Рыгору Андрэевічу