Рыхтуецца другі працэс „пінскай справы”
У Пінску затрымалі яшчэ пяцярых жыхароў за ўдзел уночы з 9-га на 10-е жніўня ў стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама, які скончыўся сутычкай з міліцыянтамі.
Па “пінскай справе” ўжо судзяць чатырнаццаць пінчукоў.
Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што рыхтуецца другі працэс:
– Рыхтуецца другая хваля абвінавачаных, якія таксама пойдуць пад суд. Гэтых 14 асудзяць, і адбудзецца другі суд па гэтай жа справе. Мы толькі ведаем пяцярых, а іх будзе значна больш. Насамрэч тыя, якіх мы ведаем, яны былі пад падпіскай. Яны былі падазраваныя, з іх падазрэнні ніхто не здымаў, зараз будзе прад’яўляцца абвінавачванне і далей суд.
Суразмоўца дадае, што ўночы з 9-га на 10-е жніўня, ужо пасля сутычкі з сілавікамі, у Пінску затрымалі звыш паўсотні пінчукоў і масавыя затрыманні працягваліся 10-га і 11-га жніўня. Таму лік фігурантаў “пінскай справы” будзе яшчэ папаўняцца. Многіх не змяшчалі пад арышт, а бралі падпіску і адпускалі.
Беларускае Радыё Рацыя