Рыхтуецца кніга пра смяротнае пакаранне ў Беларусі
Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі і вялікае інтэрв’ю з Алегам Алкаевым увойдуць у новую дакументальную кнігу на тэму смяротнага пакарання ў Беларусі. Яе прэзентацыя плануецца ў кастрычніку, калі праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання.
Сярод аўтараў – праваабаронца і сцэнарыстка Паліна Сцепаненка:
– У межах кампаніі “Правааабаронцы супраць смяротнага пакарання” рыхтуецца дакументальная кніжка пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Там упершыню будзе нарыс, падрыхтаваны гісторыкамі права пра гісторыю смяротнага пакарання ў Беларусі. Да гэтага, фактычна, ніхто гэтага не рабіў. Там можна будзе прагледзець тэму ад старажытных часоў і да нашага часу, і часы ВКЛ, і часы Расейскай імперыі, і часы рэпрэсій НКВД, і пасляваенны час. Кніга будзе багата ілюстраваная і ахопіць таксама дзейнасць праваабаронцаў па гэтай тэме з 1998 па 2015 гады.
Кніга скіраваная не толькі на праваабаронцаў, але і на студэнтаў права, выкладчыкаў ды ўсіх зацікаўленых асобаў.
– Таксама ў кнігу ўвойдзе вялікае інтэрв’ю з Алегам Алкаевым, да якога мы ездзілі ў 2012 годзе падчас падрыхтоўкі фільма “Убыл по приговору”. Мы пяць гадзін з ім гаварылі, зразумела, што ў фільм усё не ўвайшло, а цяпер поўнасцю інтэрв’ю з’явіцца ў кнізе. Алег Алкаеў быў начальнікам менскага СІЗА №1 да 2001 года, ён кіраваў расстрэльнай камандай у Беларусі. Усяго пад яго кіраўніцтвам было здзейснена каля 150 смяротных прысудаў, раней лічылася, што 134, але калі мы ў яго былі, ён сказаў, што пасля гэтай лічбы ён працягваў яшчэ працаваць. Гэта кат прафесійны, які ўсё ж зрабіў галоснай гэтую “прафесію”, калі можна так сказаць, і ён ведае тое, чаго не ведае больш ніхто.
Кніга распавядае і пра першы факт, калі праваабарончы цэнтр “Вясна” сутыкнуўся з тэмай смяротнага пакарання. Гэта быў 1998 год, калі з СІЗА №1 прыйшоў ліст, перададзены “турэмнай поштай” ад Івана Фаміна. Ён пісаў, што нікога не забіваў, што сядзіць за чужую віну, і таксама да праваабаронцаў прыйшла яго маці. Якраз тады і быў накіраваны першы зварот ў Камітэт па правах чалавека ААН:
– Пасля пісалі лісты людзі, якія сядзелі ў той жа камеры смяротнікаў, прыходзілі іх бацькі. Іх усіх расстралялі, акрамя аднаго, якога памілаваў Лукашэнка і які зараз на пажыццёвым зняволенні. У 2012 годзе я ўзяла гэтыя ўсе лісты да Алкаева, ён сказаў, што памятае Івана Фаміна, што яго забілі за чужую віну, што ўсе гэта ведалі, але не маглі нічога зрабіць і выконвалі загад.
Дакументальную кнігу на тэму смяротнага пакарання рыхтуюць: каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, журналістка Адар’я Гуштын і нашая суразмоўца Паліна Сцепаненка.
(Поўная гутарка з Палінай Сцепаненкай змешчана ў далучаным гукавым файле).
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя