Рыхтуюцца змены ў дэкрэт „аб дармаедах”



Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь рыхтуе змены ў дэкрэт „аб дармаедах” (дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”). Гэта вынікае з ліста, які атрымала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). У канцы мінулага году яе актывісты сабралі дзесяць тысяч подпісаў за адмену згаданага дэкрэта і перадалі іх на разгляд у адміністрацыю прэзідэнта. Адказ прыйшоў з Саўміна.

У ім адзначаецца, што дэкрэт № 3  не прадугледжвае прымусовую працу грамадзян і не супярэчыць Канстытуцыі. На дадзены момант падрыхтаваны праект дэкрэта кіраўніка дзяржавы „Аб унясенні зменаў” у дэкрэт ад 2-га красавіка 2015-га. Змены былі падрыхтаваны на падставе маніторынгу зваротаў грамадзян, органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і „ў сувязі з прыняццём новага заканадаўства”.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка падпісаў „дэкрэт аб дармаедах” год назад. Ён закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці ды ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Паводле  euroradio.fm