Са школьнай праграмы па беларускай літаратуры прыбралі вывучэнне Бібліі
У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання са школьнай праграмы па беларускай літаратуры прыбралі вывучэнне Бібліі. Як паведамляе на нацыянальным адукацыйным партале доктар педагагічных навук Вольга Праскаловіч, у VI класе ў межах беларускай літаратуры не будзе вывучацца раздзел “Біблія – найвыдатнейшы помнік сусветнай культуры”. Знаёмства з Бібліяй будзе адбывацца на ўроках рускай літаратуры і на занятках па прадмеце “Мастацтва”. Настаўніца па беларускай мове і літаратуры Вольга Яўсеенка наадварот лічыць, што варта было пашырыць вывучэнне іншых прыпавесцяў з Бібліі.
— Таму што яны нясуць вельмі вялікую павучальную нагрузку для шасцікласнікаў. Дзеці разважаюць на ўроках пра выбар, які робіць чалавек, што ёсць дабро, а што — зло. Як я магу гаварыць пра тое далей, што першы чалавек, які пераклаў Біблію на беларускую мову — Францішак Скарына, калі ўжо Біблія не будзе вывучацца ў шостым класе? Калі ўжо гэтага не будзе, як я магу далей гаварыць пра Скарыну, пра гэты подзвіг, пра гэты гонар нашай нацыі.
У 1517 годзе Францыск Скарына выдаў у Празе першую беларускую кнігу «Псалтыр».
Беларускае Радыё Рацыя