Са студзеня за службу ў войску дадуць новыя льготы
У студзені 2020 года набудуць моц змены ў Працоўны і Жыллёвы кодэксы Беларусі. Паводле іх, тыя, хто адслужыў у войску, будуць мець дадатковыя льготы, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
З 1 студзеня навучэнцы і студэнты, якія адслужылі ў войску, будуць мець першачарговае права на інтэрнат. З 28 студзеня набываюць моц ініцыяваныя Мінабароны змены ў Працоўным кодэксе Беларусі. Згодна з імі, за тымі, хто адслужыў, на працягу трох месяцаў пасля службы захоўваецца працоўнае месца (або даецца раўнавартасная пасада) незалежна ад формы ўласнасці наймальніка (раней гэта тычылася толькі дзяржаўных устаноў). Мінабароны таксама апублікавала пералік усіх дзейных льготаў, якія дае служба ў войску, і расказала пра льготы, над увядзеннем якіх працуе.
Беларускае Радыё Рацыя