СААЗ: Беларус выпівае за год 90 бутэлек гарэлкі



Згодна са звесткамі апошняй справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, беларускі мужчына выпівае за год 90 бутэлек гарэлкі, паведаміў 11 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску каардынатар праграм па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянцін Русовіч.

Паводле яго слоў, у Беларусі на чалавека (з 15 гадоў і старэйшага) прыпадае 9,6 літра спажытага абсалютнага алкаголю (спірту), а з улікам незарэгістраванага спіртнога — 11,2 літра. Пры гэтым мужчыны спажываюць 18 літраў чыстага спірту на год у пераліку на ўсе віды алкагольных напояў, жанчыны — 5,5 літра.

„Адзін літр чыстага спірту эквівалентны пяці паўлітровым бутэлькам гарэлкі. Калі пералічыць гэтыя 18 літраў чыстага спірту, то ў эквіваленце моцных спіртных напояў гэта 90 бутэлек гарэлкі на год. Атрымліваецца на тыдзень — паўтары бутэлькі гарэлкі, калі чалавек не п’е іншых алкагольных напояў”, — растлумачыў Русовіч.

Трывогу ў спецыялістаў СААЗ выклікае таксама і мадэль ужывання алкаголю ў Беларусі. У структуры спажывання гарэлка і моцныя каньячныя напоі займаюць 49%, мацаваныя віны — 26%. „З пункта гледжання СААЗ, не рэкамендуецца перавышаць узровень мінімальнай рызыкі спажывання алкаголю. Для мужчын гэта не больш за дзве стандартныя адзінкі алкаголю на дзень, для жанчын — не больш за адну. Пры гэтым у тыдні павінна быць не менш як два дні, вольныя ад алкаголю нават пры такім невялікім ужыванні”.

Русовіч растлумачыў, што адна адзінка алкаголю, паводле стандартаў СААЗ, роўная 10 г чыстага спірту. Адна порцыя напою — або 30 мл напою мацункам 40%, або 100 мл віна мацункам 12%, або 250 мл піва мацункам 4,8% — змяшчае прыкладна 10 г чыстага алкаголю.

Паводле яго слоў, найбольш небяспечная для здароўя мадэль ужывання спіртнога — 6 і больш адзінак алкаголю на дзень для мужчын, 4 і больш — для жанчын. „Для яснасці, шкоднае ўжыванне алкаголю, напрыклад, за сталом пачынаецца з шостага тоста, калі ў чарцы 30 г гарэлкі, для мужчын”, — сказаў прадстаўнік СААЗ.

Згодна з даследаваннем STEPS, асноўны этап якога праводзіўся ў Беларусі з кастрычніка 2016 года па люты 2017-га, кожны трэці мужчына і 7% жанчын ужываюць алкаголь паводле найбольш небяспечнай мадэлі — ад 6 адзінак і больш, сказаў Русовіч.

Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Кралько паведаміў, што на дыспансерным наркалагічным уліку з дыягназам „алкагалізм” знаходзяцца 158 тысяч чалавек. Яшчэ прыблізна 95 тысяч знаходзяцца пад прафілактычным наглядам. Ён адзначыў, што сітуацыя са злоўжываннем алкаголем у краіне за апошнія гады стабілізавалася, захворванне алкагалізмам штогод зніжаецца на 2-3%.

belapan.by