СААЗ занепакоеная наступствамі ваеннага парада ў Менску



Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказвае занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці ваенны парад 9 мая, заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

«Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, – падкрэсліў ён. – Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкае цячэнне захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19».

Бердыклычаў нагадаў, што адна з рэкамендацый СААЗ паводле вынікаў красавіцкага візіту ў Беларусь місіі экспертаў – узмацненне мер фізічнага дыстанцыявання, у прыватнасці перанос або адмена масавых спартыўных, культурных, палітычных і рэлігійных мерапрыемстваў.

«Зборы вялікай колькасці людзей, пры якіх немагчыма забяспечыць дыстанцыю паміж людзьмі ў 1,5–2 метры, павышаюць рызыку перадачы віруса і спрыяюць далейшаму распаўсюджванню эпідэміі», – сказаў Бердыклычаў. У той жа час ён падкрэсліў, што рашэнне адносна выканання рэкамендацый СААЗ з’яўляецца прэрагатывай урада краіны.

У канчатковай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя паводле вынікаў наведвання Беларусі місіяй СААЗ 7–11 красавіка ўладам было рэкамендавана прыняць агульнанацыянальныя меры па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі COVID-19.

У справаздачы, размешчанай на сайце арганізацыі, адзначаецца, што Беларусь уступіла ў новы этап эвалюцыі пандэміі COVID-19 з перадачай інфекцыі сярод насельніцтва, што асабліва прыкметна ў асобных частках краіны, уключаючы Менск, Віцебск і Віцебскую вобласць. «Сітуацыя выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі», – падкрэсліваюць эксперты.

Таму СААЗ лічыць неабходным: перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы; забяспечыць ізаляцыю пацыентаў з COVID-19 і іх кантактаў з пацверджаным каронавірусам; укараніць фарматы выдаленай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыніць дзейнасць усіх другарадных арганізацый, прадпрыемстваў і эканамічных субʼектаў; забяспечыць строгае выкананне мер прафілактыкі і інфекцыйнага кантролю на працоўных месцах, дзе выдаленая праца немагчымая, уключаючы гігіену рук, рэспіраторны этыкет і фізічнае дыстанцыяванне з захаваннем бяспечнай адлегласці ў 1–1,5 метра, забяспечыць належную вентыляцыю (асабліва ў медустановах), адлегласць паміж работнікамі, абмежаваць колькасць нарад і сустрэч, неабавязковых перасоўванняў, асабліва для груп высокай рызыкі і ўразлівых пацыентаў.

Такія меры, гаворыцца ў справаздачы, «запавольваюць распаўсюджванне віруса і дазваляюць медыцынскім службам выйграць час, неабходны для адэкватнай падрыхтоўкі, абсталявання і пераацэнкі патрэбаў работнікаў аховы здароўя і ўстаноў у адказ на рост колькасці пацыентаў з COVID-19».

СААЗ пацвердзіла сваю падтрымку Беларусі і гатовасць па-ранейшаму «садзейнічаць у падтрыманні і ўзмацненні цяперашніх мер у адказ, а таксама ў аказанні дапамогі для распрацоўкі і рэалізацыі наступнага этапу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні пандэміі».

4 мая падчас анлайн-перамоў з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць немагчымай адмену ніводнага з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі. У той жа час ветэранаў папрасілі на парад не прыходзіць.

За апошнія суткі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у краіне павялічылася на 784 і дасягнула 17.489, памерлі 103 чалавекі.

БелаПАН