Сабраныя на ЧШ подпісы супраць будаўніцтва АЭС перададзены ўладам
Подпісы за спыненне будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, сабраныя 26 красавіка падчас „Чарнобыльскага шляху” ў Менску, перададзеныя ў дзяржаўныя органы, паведаміла каардынатар антыядзернай кампаніі аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова.
Паводле яе слоў, сабрана прыблізна 300 подпісаў грамадзян. Арыгіналы, а таксама копіі ўсіх падпісных лістоў актывісты перадалі ў дэпартамент па ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя.
Акрамя таго, падпісанты патрабуюць ад дзяржорганаў раскрыць поўную інфармацыю аб наступствах чарнобыльскай катастрофы, спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый, вяртанне ў гаспадарчы абарот зямель на забруджаных тэрыторыях, вярнуць у поўным аб’ёме льготы ліквідатарам-чарнобыльцам і іншым групам грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Сярод патрабаванняў да ўладаў: перагляд канцэпцыі бяспечнага пражывання людзей на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі; аднаўленне эфектыўнай сістэмы радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання на ўсёй тэрыторыі Беларусі; забеспячэнне захавання нейтральнага бяз’ядзернага статусу краіны.
У калектыўным звароце гаворыцца і аб неабходнасці арганізацыі вытворчасці прэпаратаў, якія блакуюць радыенукліды і паскараюць іх вывад з арганізма, і стварэння дзіцячага навукова-практычнага цэнтра супрацьрадыяцыйнай засцярогі.
„Улады цалкам пазбавілі нас інфармацыі аб стане свайго здароўя, ступені забруджанасці навакольнага асяроддзя, прадуктаў харчавання і ўласнага арганізма радыенуклідамі. У сувязі з гэтым мы патрабуем прывесці дзяржаўную палітыку ў дачыненні да наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў адпаведнасць з рэальнай небяспекай паўсюдна распаўсюджанай радыяцыі”, — адзначыла Кавалькова.
Традыцыйная акцыя апазіцыі „Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка сёлета была прымеркаваная да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС. Шэсце адбылося ад кінатэатра „Кастрычнік” па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці „Спатоленне загінулых”, дзе сталічнымі ўладамі быў санкцыянаваны мітынг. Аднак палітыкі, якія выступалі заяўнікамі акцыі, на месцы вырашылі адмовіцца ад яго правядзення і абмежавацца шэсцем, бо, на іх думку, міліцыя парушыла дамоўленасці і выставіла турнікеты каля месца правядзення дазволенага гарвыканкамам мітынгу. Адзначым, што напярэдадні акцыі яе арганізатары, якімі выступілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Беларускай партыі „Зялёныя”, аргкамітэта партыі БХД і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адмовіліся ад паслуг міліцыі.
Ганаровым старшынёй аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе была нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.