Сачэнне за кліентамі банка з санкцыі пракурора?
Пракурор Глыбоцкага раёна Аляксандр Козіч даў санкцыю на прадастаўленне банкам запісаў з камер відэаназірання за плацяжамі глыбоцкага актывіста Аляксандра Шарабайкі. Гэтую інфармацыю просяць падаць у Глыбоцкі РАУС у электронным выглядзе на магнітным носьбіце.
На фота: пракурор Глыбоцкага раёна Аляксандр Козіч у блакітным адзенні
Таксама міліцыянтам патрэбная інфармацыя па ўстановачных дадзеных плацельшчыка ды іншых рэквізітах плацёжных дакументаў. Па магчымасці просяць і іх копіі. Па ўсіх пытаннях банку раяць звяртацца да старэйшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Глыбоцкага РАУС Андрэя Лаўрыновіча.
Як кажа Аляксандр Шарабайка, у яго таксама ёсць свае крыніцы інфармацыі, якія паведамляюць пра планы сілавых структур:
– Знаёмым разаслаў, каб падзівіліся. То бок, як я зразумеў, спрабуюць зрабіць так, каб другі раз людзі плацілі. Ім проста заняцца няма чым.
І яшчэ хацеў паказаць, што ў нас таксама там ёсць свае людзі, якія ўсё ведаюць і паведамляюць. То бок нічога ад нас не схаваць, абсалютна.
Няхай “капаюць”, няхай шукаюць, няхай глядзяць.
Апошнім часам ідзе ціск на глыбоцкіх актывістаў, якія сядзелі на сутках ці прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Як кажуць актывісты, напэўна, у міліцыі ёсць спісы людзей, якіх пастаянна выклікаюць на гутаркі рознага кшталту ў міліцыю і Следчы камітэт. Іх турбуе падатковая, выканкам, служба занятасці насельніцтва ды іншыя дзяржаўныя структуры, таксама ў іх робяць выемкі, агляды і ператрусы. Пры гэтым часам здараюцца дзіўныя рэчы, як гэта было, напрыклад, з Аляксандрам Шарабайкам у Глыбоцкім РАУСе.
Па словах Аляксандра, калі яго міліцыянты выклікалі на размову, свае рэчы ў пастарунку ён паклаў у пустую ячэйку, узяўшы ключ з сабой. А калі выйшаў забіраць іх, то нейкім дзіўным чынам у ячэйцы разам з яго рэчамі апынуўся невядомы шпрыц, да якога, вядома, Аляксандр рукамі не дакранаўся.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vg-gazeta.by і з асабістых архіваў глыбоцкіх актывістаў