Сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» прызнаныя экстрэмісцкімі
Суд Маладэчанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і тэлеграм-канал выдання «Рэгіянальная газета», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Інфармацыя пра ўнясенне сайта і тэлеграм-канала маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» ў рэспубліканскі спіс з’явілася на сайце Мінінфарма.
Першы нумар «Рэгіянальнай газеты» выйшаў у 1995 годзе і да 2021 года выданне выходзіла рэгулярна.
19 ліпеня мінулага года сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю. Ператрус прайшоў тады і ў галоўрэда выдання Аляксандра Манцэвіча, пасля яго з жонкай павезлі на допыт. Пасля ўсіх журналістаў выпусцілі, але канфіскавалі тэхніку і ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
22 ліпеня газета паведаміла, што больш не будзе выходзіць у друкаваным выглядзе.
