Сайт Kyky.org выправіць парушэнні, на якія ўказвае Мінінфарм



Сайт Kyky.org цяпер знойдзем па адрасе kyky.io. Рэдакцыя збіраецца выправіць парушэнні, на якія ўказвае Міністэрства інфармацыі і вярнуцца ў беларускую інтэрнэт-прастору. Пра гэта у праекце “Месца для прэсы” паведаміў рэдактар сайта Павел Свярдлоў. Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да старонкі, бо паводле ведамства, у шэрагу публікацый утрымліваюцца „прыніжальныя выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі”. За межамі Беларусі доступ да Кyky.org бесперашкодны, а вось карыстальнікі ў Беларусі мусяць набіраць іншы адрас старонкі, – кажа Павел Свярдлоў:

Новы адрас – kyky.io. Але так зладжана тэхнічна блакіроўка, што мы не можам наладзіць пераадрасацыю, то бок калі чалавек з Беларусі заходзіць на kyky.org, ён трапляе на заблакаваны сайт і нічога не бачыць. А вось калі заходзіць наўпрост на kyky.io, тады ён бачыць усё.

 На kyky.io прачытаем, што 15-га чэрвеня міністр інфармацыі Лілія Ананіч загадам № 233 абмежавала доступ да сайту kyky.org і таму варта карыстацца часовай старонкай. Блакіроўка сайта – гэта небяспечны прэцэдэнт у беларускай медыя-прасторы, – заўважае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:

– Такая працэдура павінна ўжывацца публічна. І разгляд такога пытання павінен адбывацца публічна і па рашэнню незалежнага органу, да якіх у нармальных краінах належыць суд. На жаль, у нашай краіне рашэнне такога пытання па абмежаванні фунтаментальных правоў і свабодаў грамадзян аддадзена на водкуп органу выканаўчай галіны ўлады. І гэта выклікала хваляванне на момант прыняцця гэтага закона, і як паказваюць сённяшнія падзеі, гэтая занепакоенасць была недарэмнай.

У Міністэрстве інфармацыі прад’яўляюць прэтэнзіі да зместу чатырох артыкулаў на сайце kyky.org. Кіраўніцтва рэсурсу збіраецца супрацоўнічаць з ведамствам і вырашыць канфліктную сітуацыю.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя