Сайт МУС не працуе, у ведамстве не выключаюць хакерскай атакі
Афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных спраў не працуе „з тэхнічных прычын”.
„Мы не выключаем хакерскую атаку”, — паведаміла ў тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ўвечары 4 верасня.
„Была таксама зробленая спроба ўкаранення шкоднасных праграм, якія блакуюць або якія ўносяць змены ў працу шэрагу інфармацыйных рэсурсаў МУС. Цяпер спецыялісты ведамства займаюцца ліквідацыяй выяўленых праблем”, — паведамляе Чамаданава.
Ад імя МУС яна просіць грамадзян „паставіцца з разуменнем, калі адміністрацыйныя працэдуры, па якіх яны звяртаюцца ў органы ўнутраных спраў, могуць быць выкананыя несвоечасова”.
Сайт МУС, мяркуючы па ўсім, быў узламаны напярэдадні. Некаторыя СМІ паспелі паведаміць, што на сайце міліцэйскага ведамства ў спіс асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, былі ўнесеныя Аляксандр Лукашэнка і міністр унутраных спраў Юрый Караеў. Тлумачылася, што яны „абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах супраць беларускага народа”. Мабыць, пасля гэтага доступ на сайт быў блакаваны.
belapan.by