Сайт nn.by заблакаваны на падставе паведамлення Генпракуратуры
Міністэрства інфармацыі пракаментавала блакаванне сайта „Нашай Нівы”.
„На падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”, Міністэрствам інфармацыі прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.by”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пункт 1 арт. 38 закона аб СМІ абвяшчае, што на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне:
— інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю (перарэгістрацыю) у выпадках, калі такая рэгістрацыя (перарэгістрацыя) з’яўляецца абавязковай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацый, у дачыненні да якіх маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі, якое набыло законную моц;
— звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама звестак пра спосабы і метады распрацоўкі, вырабу, выкарыстання і месцы набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў;
— інфармацыі аб непаўналетнім, пацярпелым у выніку супрацьпраўных дзеянняў (бяздзейнасці), уключаючы прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі маецца), фота- і відэвыявы гэтага непаўналетняга, яго бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў, дату нараджэння непаўналетняга, аўдыязапіс яго голасу, месца яго жыхарства, вучобы або працы, іншую інфармацыю, якая дазваляе прама ці ўскосна ўсталяваць асобу гэтага непаўналетняга, без згоды яго законнага прадстаўніка;
— інфармацыі пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў, а таксама прадметаў, параджальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
— неналежнай рэкламы;
— інфармацыі, якая накіраваная на прапаганду вайны, экстрэмiсцкай дзейнасцi або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, у тым ліку якая прапагандуе або падахвочвае да самагубства, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненае гэтым Законам, iншымi заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Раніцай 8 ліпеня перастаў адкрывацца сайт „Нашай Нівы”.
„Сайт „Нашай Нівы” nn.by у дадзены момант недаступны, — гаворыцца ў паведамленні. — Мы не можам звязацца з некаторымі супрацоўнікамі рэдакцыі, у тым ліку з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Мы дапускаем, што ў дадзены момант ён можа быць затрыманы, бо чытачы паведамляюць, што ў будынку, дзе ён знаходзіўся, бачылі супрацоўнікаў ГУБАЗіК”.
Атрымаць аператыўны каментар у МУС БелаПАН не ўдалося — прэс-сакратар ведамства Вольга Чамаданава не адказвае на званкі.