Сайты гарадзенскіх уладаў запрацавалі па-беларуску
Беларусы Гародні могуць пацешыцца з таго, што сайты афіцыйных мясцовых уладаў рэальна адказалі на іх звароты. Сайты Гарадзенскага аблвыканкама і гарвыканкама запрацавалі–такі па–беларуску. Некалькі гадоў запар беларускія старонкі былі „замарожаныя” і інфармацыя абнаўлялася толькі на расейскай старонцы. Цяпер ужо бачна, што запрацавалі самастойныя старонкі па–беларуску. Праўда, у чысціні беларускай старонцы абласны сайт яшчэ адстае ад дасягненняў гарадскога: там галоўны банер і гіперспасылкі службаў злева старонкі яшчэ стаяць на расейскай мове.
Яшчэ адна заяўленая версія (ангельская) цягам некалькіх гадоў на сайтах абл- і гарвыканкамаў застаецца ў анабіёзе. Апошняе абнаўленне гарадзенска гарвыканкама там — за люты 2015-га, а аблвыканкама — травень 2016-га.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
