Салідарнасць з загінулымі ў Парыжы выказалі ў Віцебску



Віцебскія праваабаронцы і журналісты выказалі салідарнасць з загінулымі ў Парыжы. У знак ушанавання памяці ахвяр тэракту ў рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo яны сфатаграфаваліся з плакатамі «Je suis Charlie» («Я – Шарлі») і ўсклалі кветкі да сцяны з вядомым у горадзе графіці – малюнкам з клеткамі і птушкамі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Замежныя журналісты таксама заўсёды выказваюць салідарнасць з беларускімі калегамі, – заўважае віцебскі праваабаронца Павел Левінаў:

– Я і мае калегі не змаглі застацца абыякавымі ў выказванні і падтрымцы свабоды слова і ў выказванні спачування французскаму народу з нагоды гэтага трагічнага выпадка, які адбыўся ў Парыжы.

Сам малюнак з клеткамі і птушкамі, каля якога прайшла акцыя, сімвалізуе свабоду прэсы і выказвання меркаванняў, лічыць праваабаронца:

– Яго абралі не столькі мы, колькі ўлады, якія вызначылі і гэтае графіці, і гэтае месца – сімвалам парушэння правоў чалавека ў сферы выказвання сваёй думкі, у сферы несвабоды прэсы. Гэта з аднаго боку, і другога боку – калі імкнуцца, то можна аднавіць сваё права і вырвацца з клеткі на волю.

Фотаздымкі віцебскіх журналістаў і праваабаронцаў, якія сфатаграфаваліся, трымаючы ў руках плакаты “Я – Шарлі” па-французску, размешчаны на мясцовым праваабарончым сайце „Віцебская вясна” і на асабістай старонцы Паўла Левінава ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

43243470160582_n

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя