Сама вядомы праваабаронца Гомеля Леанід Судаленка 2 месяцы за кратамі
Роўна 2 месяцы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка знаходзіцца за кратамі. Яго затрымалі 18 студзеня па дарозе на працу. І звінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Пасля затрымання Леаніда Судал
Васіль Палякоў, грамадскі актывіст:
– Леанід Судаленка амаль увесь час знаходзіўся на працы. Да яго прыходзіла шмат людзей, паколькі прававая дапамога цяпер вельмі актуальная. Да яго звярталіся, яму тэлефанавалі, ад яго атрымлівалі кансультацыі і гэтак далей. Цяпер ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай няма такой офіснай працы, якая была раней. Зразумела, Леаніда не хапае. Гэта злачынства, што чалавека за праваабарончую дзейнасць дзяржава выхапіла з працы і змясціла ў следчы ізалятар.
Ілля Міронаў, валанцёр:
– Леанід пачаў дапамагаць людзям з 2000 года. То бок ён у сваёй сферы працуе больш за 20 год. Я думаю, што за гэты час ён дапамог не адной тысячы людзей з улікам таго, што ён часам прадстаўляў інтарэсы цэлых арганізацый…
Леанід Судаленка вёў вельмі шмат рэзанансных справаў, пра якія пісалі ў СМІ. Гэта і нашумелы выпадак школьніцы Вікторыі Папчэні, якая загінула пад коламі грузавіка на калгасным полі, куды яе накіравалі збіраць бульбу. Гэта абарона інтарэсаў былога рабочага “Гомельскага хімзавода” Аляксандра Клімава, які атрымаў вытворчую траўму, але прадпрыемства не хацела гэтага прызнаваць. З апошняга – дапамога энергетыкам са Жлобіна Дзмітрыю і Наталлі Чаўскіным, якія, будучы сябрамі выбарчай камісіі, сумленна падлічылі галасы, а потым удзельнічалі ў пратэстах, за што трапілі пад пераслед.
Сам Леанід Судаленка і да свайго арышту не адзін раз сутыкаўся з пераследам. “Канешне, і ў мой адрас, і на адрас маёй сям’і паступалі пагрозы. У тым ліку мяне пыталі: “Леанід, калі твайму сыну-школьніку ля пад’езда нанясуць 102 нажавых раненняў, ты таксама будзеш абараняць забойцу ў Камітэце ААН?” Гэта было, вядома, у псіхалагічным плане вельмі цяжка. Зноў жа мне дасылалі на паштовую скрыню відэа з месца забойства расейскага палітыка Барыса Нямцова. То бок, увечары яго забілі, а ранкам дасылаюць мне са словамі: “Паглядзі, як табе відэа?” А яшчэ была крымінальная справа па распаўсюдзе парнаграфіі, якая нібыта рассылалася з маёй паштовай скрыні. У межах той справы былі праведзеныя ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі. Зразумела, такія здарэнні бясследна не знікаюць, накладаюць адбітак на здароўі”, — дзяліўся гісторыяй сваіх канфліктных дачыненняў з беларускай дзяржавай праваабаронца ў ранейшых інтэрв’ю.
Напярэдадні затрымання Леанід выказваў сваё меркаванне пра тое, чаму менавіта ён і яго арганізацыя стала аб’ектам атакі: “Звыш тысячы людзей атрымалі дапамогу ў нашым офісе за апошнія месяцы. Наш цэнтр быў адзіным на ўвесь паўмільённы Гомель, дзе кожны чалавек мог звярнуцца па бясплатную дапамогу. І людзі прыходзілі пастаянна…”
Праваабаронца ў 2018 годзе стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі імя Віктара Івашкевіча. У той жа год яго ўшанавалі прэстыжнай прэміяй французскага ўраду “Свабода. Роўнасць. Братэрства”. Францыя высока ацаніла высілкі гомельца на ніве абароны правоў чалавека. Леанід Судаленка заяўляе, што не ўяўляе сябе па-за межамі сваёй працы. “Я — невыпадковы чалавек у праваабароне. Я займаюся сваёй дзейнасцю больш за 20 год. Мне не патрэбныя ніякія пасады. Мяне задавальняе мая праца. Я нават па выходных еду працаваць, таму што мне вельмі падабаецца дапамагаць людзям…”
Ілля Міронаў спрабуе весці перапіску са многімі беларускімі палітвязнямі, сярод якіх ёсць і Леанід Судаленка. Час ад часу інфармацыйную ізаляцыю настойлівы валанцёр прарывае. І тады ён атрымлівае лісты ад сваіх адрасантаў. “Каб вы разумелі, для палітычных вязняў самае каштоўнае — гэта капэрты, папера для напісання лістоў і ручкі. Вельмі важна пісаць лісты тым, хто апынуўся ў турме за свае погляды. Паверце, гэта больш каштоўна, чым каўбаса ці сала.”, — гаворыць Ілля. Ён цытуе Леаніда, які праз яго звяртаецца да ўсіх гомельскіх валанцёраў, якія не кідаюць сваіх у бядзе: “Не апускай рукі, працягвай рабіць добрыя справы. Ваш валанцёрскі дзвіж — гэта суперідэя. Сёння ў дапамозе маюць патрэбу тысячы беларусаў. Перакананы, што мы яшчэ папрацуем разам…”
Леаніда Судаленку чакаюць на волі не толькі паплечнікі і ўдзячныя грамадзяне, якім ён у свой час дапамог, але і ягоныя родныя. Ён як шматдзетны бацька вельмі ганарыцца сваімі сынамі, фотаздымак якіх у яго вісіць над працоўным сталом.
Напісаць Леаніду Судаленку можна на адрас: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
„Штодзень”