Самагонны міні-завод ліквідавалі ў Белавежскай пушчы
Міні-завод па вырабе самагонкі арганізаваў у Белавежскай пушчы жыхар Свіслацкага раёна. Пра гэта распавяла прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
Вытворчасць было наладжана ў лесе непадалёк ад адной з вёсак Свіслацкага раёна. Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі 115 л самагону і больш за 4 тыс. л брагі.
„На месцы быў затрыманы мужчына 1972 года нараджэння. Ён растлумачыў, што самагонку вырабляў для вяселля сына. Аднак, улічваючы, у якіх маштабах была арганізавана справа, шчырасць яго слоў выклікае сумневы”, – адзначылі ў прэс-службе УУС.
У дачыненні да самагоншчыка распачаты адміністрацыйны працэс. Яму пагражае штраф, а таксама канфіскацыя апарата, паўфабрыкатаў і вырабленага спіртнога.