Самаізаляцыя і каранцін не дапамогуць спыніць пандэмію
Самаізаляцыя і каранцін не дапамогуць канчаткова перамагчы пандэмію каронавіруса. Такую заяву зрабіў у Жэневе Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус.
Ён мяркуе, што такія меры толькі дазволяць выйграць час у барацьбе з распаўсюдам каронавіруса. Ён заявіў, што прарыву можна дасягнуць найперш праз паляпшэнне сістэмы аховы здароўя (уключна з новымі лякарнямі) і падрыхтоўку медыцынскага персаналу, гатовага працаваць з хворымі.
Важна выявіць усіх інфікаваных ды іх кантакты, павялічыць колькасць тэстаў на каронавірусную інфекцыю COVID-19. «Гэтыя меры дапамогуць не толькі спыніць распаўсюд віруса, але і не дапусціць аднаўленне эпідэміі пасля зняцця ўсіх абмежаванняў», – мяркуе кіраўнік СААЗ.
У свеце на сённяшні дзень налічваецца больш за 480 тысяч выпадкаў заражэння каронавірусам, памерлі больш за 22 тысячы чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя