Самалёт свабоды ўзняўся над Глыбокім
Свабода слова будзе ў Глыбокім! Самалёт свабоды ўзняўся над горадам. Актывісты глыбоцкай суполкі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» правялі акцыю ў падтрымку свабоды слова. Яе прымеркавалі да Сусветнага дня свабоды прэсы.
Глыбоцкія журналісты-фрылансеры Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач пераследуюцца за сваю журналісцкую дзейнасць. Менавіта яны і запусцілі папяровы самалёт над Глыбокім, як сімвал свабоды слова.
Як кажа Зміцер Лупач, спачатку была задума запусціць у паветра птушку, але потым вырашылі зрабіць папяровы самалёт. Бо ў нас, у Глыбокім, нарадзіўся авіяканструктар Павел Сухі.
— Наш знакаміты авіяканструктар. Мы ганарымся тым, што ён нарадзіўся ў Глыбокім і добра рабіў самалёты. На жаль, гэтыя самалёты служылі Савецкаму Саюзу, а цяпер служаць Расеі і яны не нясуць свабоды людзям. Тут паставілі два самалёты, яны надзейна прывараныя і не ўзляцяць, а наш самалёт паляцеў, бо свабода слова павінна быць.
Паводле Таццяны Смоткінай, свабода слова – гэта перш за ўсё ўнутраная свабода журналіста.
– Мы вырашылі са Змітром паказаць, што мы прытрымліваемся свабоды слова. І ў выглядзе такіх вось самалёцікаў і бел-чырвона-белых шароў, як сімвал бел-чырвона-белага сцяга свабоды, мы запусцілі ў паветра свой самалёт свабоды, які паляцеў і высока падняўся. Я спадзяюся, што ў нашай краіне свабода слова падымецца на значны ўзровень і свабода слова будзе сапраўднай свабодай, а не проста нейкім канцылярызмам.
На сёння Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач атрымалі позвы ў Докшыцкі аддзел міліцыі, дзе супраць іх распачатыя новыя адміністрацыйныя справы за іх журналісцкую дзейнасць. Такім чынам улады павіншавалі незалежных журналістаў з Сусветным днём свабоды прэсы.
Беларускае Радыё Рацыя