Самалёт з беларусамі Газы вылецеў з Каіра



Самалёт з беларусамі Газы і членамі іх сем’яў вылецеў з Каіру. Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА са спасылкай на авіякампанію «Белавія». Праца па арганізацыі выхаду беларускіх грамадзян і іх сем’яў з сектара Газа была праведзена ўладамі Беларусі ў кантакце з калегамі з Ізраілю і Егіпту, а таксама пры садзейнічаньні Расеі і Катара, паведамілі раней у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Беларускія грамадзяне прайшлі праз памежны пераход «Рафах» на тэрыторыю Егіпта. На мяжы з сектарам Газа іх сустрэлі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі, якія, як піша БелТА, выконвалі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Паведамляецца, што сярод тых, хто выйшаў з Газы, шмат дзяцей. Па беларусаў быў адпраўлены гуманітарны рэйс «Белавія» з медыкамі і псіхолагамі з МНС на борце. Пасля прыбыцця яны аказалі неабходную дапамогу дарослым і дзецям.