Самавольства ўладаў ізноў застанецца беспакараным?
Бярозаўскі раён падобны на асобную рэспубліку. Улады намагаюцца жыць па сваіх законах. На гэты раз яны разбурылі забудовы на ўчастку сям’і Якушыкаў, не дачакаўшыся канца судовых разбіральніцтваў.
Якушыкі набылі сядзібу ў 17 сотак у цэнтры горада для пабудовы дома. Канфлікт з уладамі пачаўся пасля з’яўлення насупраць іх участка катэджаў галоўнага фінансіста раёна і старшыні калгаса “Боркі”. Сядзіба Якушыкаў стала перашкодай зручнаму пад’езду да іх дамоў.
Расказвае Аксана Якушык:
– Работнікі ЖКГ поўнасцю развалілі гаспадарчыя пабудовы, па якіх у дадзены момант яшчэ ідзе судовы працэс. Яны адмовіліся прадставіць дакументы, на падставе якіх яны маюць права тут знаходзіцца. Суд мяне не выпісаў, і я маю права ўласнасці на дом і на пажыццёвае валоданне гэтай зямлёй.
Паводле актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, які дапамагае сям’і, парушаны канстытуцыйныя правы сям’і Якушыкаў на недатыкальнасць прыватнай маёмасці:
– Бярозаўскія ўлады, і ў першую чаргу пракурор, міліцыянты, якія павінны бараніць законныя правы і інтарэсы грамадзян, выступаюць у рамках дзяржаўнай палітыкі пазбаўлення грамадзянаў права жыць на сваёй зямлі, у сваім доме.
У час судовых разбіральніцтваў бярозаўскія ўлады выставілі важкі аргумент – участак патрэбны для пабудовы 60-кватэрнага дома. Суддзі пайшлі насустрач, не звярнуўшы ўвагу, што 17 сотак замала для такога дома. Але летам бягучага года архітэктар раёна ў газеце “Маяк” нарэшце адкрыў, што на ўчастку Якушыкаў будзе зроблена пад’язная алея.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.