Самая вядомая падзея з біблейскай гісторыі
Лічаныя гадзіны застаюцца да сустрэчы праваслаўнымі вернікамі Нараджэння Хрыстова.
Аднаму з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў папярэднічаў Піліпаўскі пост. Сёння ён надзвычай строгі і дазваляецца толькі куцця пасля з’яўлення першай зоркі на небе.
“Нараджэнне Ісуса ад Дзевы Марыі – бадай самая вядомая падзея з біблейскай гісторыі”, – адзначае святар Міхаіл Лабковіч:
– Яна не адчувала тых пакутаў нараджэння, якія адчуваюць нашыя жанчыны, паколькі гэтае нараджэнне было бязгрэшнае, бязгрэшнае зачацце, бязгрэшнае нараджэнне. Дзева Марыя была да нараджэння дзевай і пасля нараджэння яна заставалася дзевай. Таму яна сама апавіла немаўлятка і паклала яго ў яслі. У гэты момант пастухі, якія пасвілі статкі, пабачылі анёла, які абвясціў вестку, што прыйшоў збавіцель.
Другі год запар Раство праваслаўныя вернікі адзначаць ва ўмовах пандэміі, таму на днях іерархі царквы заклікалі не забывацца на санітарна-эпідэміялагічныя правілы, а пры кепскім адчуванні пазбегнуць наведвання набажэнстваў.
Беларускае Радыё Рацыя