Самотны пікетчык з Гародні атрымаў адказ ад чыноўніка
Анатоль Мышкевіч, страціў свайго дзядулю праз тое, што медыкі бальніцаў, куды звярталіся, не хацелі яго прымаць. Чыноўнік абласнога упраўлення Андрэй Стрыжак прыслаў адказ на зварот гарадзенца. Адзін з лекараў бальніцы нумар 4 у выніку рэагавання, накіраваны на пераатэстацыю, але ў адказе няма ані слова пра іншую бальніцу — абласную.
Кажа Анатоль Мышкевіч:
— Я ездзіў і пісаў падзяку брыгадзе хуткай дапамогі, якая прыязджала да дзядулі ў той дзень, бо людзі паказалі сябе як сапраўдныя прафесіяналы, як сапраўдныя дактары. Яны вельмі добра аднесліся да майго дзядулі. Ужо ў тым аддзяленні абласной бальніцы, куды ўсё ж такі майго дзеда паклалі, адносіны персаналу таксама былі вельмі добрымі. А вось працы прыёмных пакояў, якія папросту адфутбольваюць чалавека ў такім стане, такога не павінна адбывацца з аніводным чалавекам ні ў якім узросце…
Анатоль Мышкевіч мяркуе, што трагічны выпадак з ягоным дзядулем, калі таго не прымалі ў бальніцу, з вострай формай хваробы, толькі з-за таго, што ён прапісаны ў іншым месцы, больш не паўторыцца ў Гародні. А адміністрацыйны штраф, які выпісалі Анатолю Мышкевічу за самотны пікет каля гмаху аблвыканкама ў памеры 30 базавых адзінак ужо сплачаны дзякуючы ахвяраванням неабыякавых гарадзенцаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя