Самы „гуманны” суд у свеце



Абласны суд Гародні не задаволіў касацыйных скаргаў грамадскіх актывістаў Васіля Корабава і Ежы Грыгенчы. Актывісты спрабавалі давесці суддзям, што штрафы, якія яны атрымалі за акцыю ў дзень Канстытуцыі 15 сакавіка, былі атрыманыя незаконна. Аднак суддзі пасля пяціхвіліннага разгляду пакінулі рашэнні аб штрафах у сіле.

Кажа Ежы Грыгенча:

– Мы чакалі, што нам усё роўна адмовяць. Прэзідэнт прызначае суддзяў, вось яны за яго і выступаюць. Яны не могуць па-іншаму судзіць, як ім скажуць – так і судзяць. Яны прызначаныя, а не абраныя народам. І баяцца яны не народа, а таго, хто іх прызначыў. Вось і ўсё. Будзем абскарджваць далей.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Прадстаўнік прафсаюза РЭП па Гарадзеншчыне Васіль Корабаў не здзіўлены рашэннем суддзі:

– Калі казаць з гумарам, то я скажу так: самы гуманны суд у свеце – гэта беларускі суд. Бо таго, што прымае ніжэйшы суд, вышэйшы суд ніколі не адменіць. Яны ж працуюць у адной запрэжцы. Не ведаю, што буду рабіць далей. Пракансультуюся ў сваіх знаёмых, а пасля будзем думаць.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч упэўнены, што ўсе суддзі працуюць па загадзе:

–  Усё па накатанай каляіне, звыклым сцэнары: разгляд – пяць хвілін, перапынак на ўдакладненне – 10 хвілін, і чаканы вынік. За апошнія 15 гадоў я не памятаю ніводнага выпадку, каб абласны суд задаволіў касацыйную скаргу якога-небудзь грамадскага актывіста, які быў несправядліва аштрафаваны ці засуджаны да адміністрацыйнага арышту. Сістэма працуе бездакорна. Яна скіравана выключна на рэпрэсіўнасць.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Грамадскія актывісты збіраюцца надалей змагацца за адмену рашэнняў па штрафах і будуць звяртацца ў Вярхоўны суд і Камітэт па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня