“Сапегі сустракаюць гасцей”
Ноч музеяў “Сапегі сустракаюць гасцей” – мерапрыемства пад такой назвай адбудзецца ў Ружанскім палацы. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт палацавага комплексу роду Сапегаў. Мерапрыемства фінансуецца Еўрапейскім Звязам у межах ініцыятывы “Падвышэнне турыстычнага патэнцыялу пасёлка Ружаны” і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. “Гэта не першы супольны праект, які ладзіцца з дапамогай заходніх партнёраў у нашым мястэчку”, – паведамляе намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Пружанскага райвыканкама Таццяна Ярошка:
– Еўрапейскі звяз нас падтрымаў з нашай ініцыятывай. І ён дае фінансаванне. Канешне, свой уклад у нас таксама значны. З дапамогай яно заўсёды лепш ладзіцца. Калі партнёры зацікаўлены і ўсе робяць адну агульную справу, то яна і ўдаецца.
Мерапрыемства “Сапегі сустракаюць гасцей” адбудзецца 25 жніўня, пачатак у 18:30. Майстар-класы, забавы, шоу, музыку і танцы прадставяць як на тэрыторыі, так і ўнутры палаца, паведамляе сайт арганізатараў.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя