Сапраўды пацяплее толькі напрыканцы траўня
У першай палове месяца будуць дажджы, замаразкі, магчыма, нават мокры снег, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі.
– Да сярэдзіны траўня характра надвор’я па-ранейшаму застанецца няўстойлівым. Чаргаванне ўплываў атмасферных франтоў і абласцей падвышанага ціску будзе захоўвацца. Таму ізноў жа не абыйдзецца без дажджоў, у асобныя дні ёсць нават верагоднасць выпадзення мокрага снегу. Другая дэкада прагназуецца некалькі ніжэй за норму. І пераважна гэта будзе звязана з даволі нізкімі тэмпературамі ў начны час, і з высокай верагоднасцю прагназуюцца замаразкі. Больш значнае падвышэнне тэмператур прагназуецца толькі ў трэцяй дэкадзе траўня.
Пры гэтым, паводле Аляксандра Бяганскага, зараз істотна знізілася небяспека лясных пажараў, што непакоіла Беларусь у красавіку – за першыя дні траўня па краіне выпала 50 працэнтаў ад месячнай нормы ападкаў, у некаторых раёнах – да 70 працэнтаў.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
