Саратаўская вёска, дзе перакулілася фура з гарэлкай, святкуе ўжо тыдзень
У вёсцы Малое Перакопнае Саратаўскай вобласці РФ ужо цэлы тыдзень працягваецца свята – тыдзень таму на федэральнай трасе М10 побач з вёскай перакулілася фура з гарэлкай.
Пра гэта паведамляюць журналісты Vesti.ru.
Усяго ў фуры было 20 тысяч бутэлек.
„Нягледзячы на аварыю, большасць бутэлек ацалела, іх адразу пачалі разбіраць мясцовыя жыхары”, – гаворыцца ў паведамленні.
Па словах журналістаў, мясцовыя жыхары пачуўшы пра аварыю, накіраваліся на дапамогу. Запэўніваюць, што ратаваць збіраліся пацярпелых у ДТЗ. Але калі зразумелі, што кіроўца з месца здарэння ўцёк, то вырашылі зберагчы „каштоўны груз”.
„Спачатку баяліся, што ён пацярпеў у агні, бо ў фуры лопнула кола, яна з’ехала ў кювет і загарэлася. Але страхі былі дарэмнымі. Гарэлка ацалела. І сіламі актывістаў была неадкладна эвакуяваная на бяспечную адлегласць…”, – гаворыцца ў сюжэце.
„Варта было навіне пра перакуленую фуру з гарэлкай трапіць у мясцовыя навіны, як у Малое Перакопнае з усёй вобласці накіраваліся людзі. Далёкія сваякі, старыя знаёмыя. Кажуць, гадамі носа не паказвалі, а цяпер прыбылі. Туды, дзе сёння свята – кожны дзень. У вёску, да гарэлкі, у глуш, у Саратаў”, – адзначылі журналісты.