Сацыял-дэмакрат Палесся №1
У гэты суботні дзень, 8 снежня, 60-гадовы юбілей адзначае грамадска-палітычны дзеяч, журналіст Віктар Цімафеевіч Ярашук. Яго імя вядомае далёка па-за межамі Пінска, а непасрэдна для горада над Пінай ён з’яўляецца адным з сімвалаў найноўшай гісторыі.
Ягоная постаць у складаныя часы для тысяч пінчукоў, калі завяршалася існаванне краіны Саветаў і паўставала беларуская дзяржава, давала веру і надзею на лепшы шлях. Малады, амбітны і гатовы да дзеі чалавек быў тым ратавальным глытком паветра сярод шэрасці ды хлусні. Ён перамог на першых у краіне альтэрнатыўных выбарах 1990 года і без малога дзесяць гадоў з’яўляўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета. Таго легендарнага Савета, які адзін з нямногіх у СССР, ды яшчэ першым, асудзіў дзеянні “ГКЧП” і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законна абранага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Акрамя таго пінскія дэпутаты апячаталі гаркам Кампартыі і схілілі на свой бок гарадскі аддзел міліцыі.
На фота: У цэнтры дэпутаты Пінскага гарсавета, дыскусія з жыхарамі: Віктар Ярашук і Яўген Шатохін, 1991 год.
У 1991 годзе Віктар Ярашук далучаецца да партыйнага будаўніцтва. Прымае ўдзел у адраджэнні сацыял-дэмакратычнага руху. Вось як у адным з інтэрв’ю нашаму радыё юбіляр узгадваў Устаноўчы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ):
“…Шчыра скажу, што я не думаў уступаць у партыю. Планаваў паехаць на сход (устаноўчы сход БСДГ адбыўся ў Менску 2-4 сакавіка 1991 году — ад аўт.) пасля распавесці сябрам, што было і што далей рабіць. Калі я прыехаў, паглядзеў, хто ў аргкамітэце, хто яго ўзначальвае. Пабачыў Міхася Ткачова, астатніх, я проста зразумеў, што гэта тыя людзі, з якімі мне вельмі хацелася б быць побач. Безумоўна, на сходзе кандыдатура Ткачова прайшла без усілякіх пытанняў. Яго вылучыў аргкамітэт і ён быў падтрыманы адзінагалосна. Гэта сапраўды была асоба. Гэта быў фізічна моцны чалавек, высокі, сапраўдны волат, які рабіў добрае ўражанне. Голас гучаў прыемна, інтэлігенцкі, ён “падкупаў слухача”, было адчуванне надзеі і разумеў, што гэты чалавек кажа тое, што думае і хоча рабіць. Калі мяне тады маладога абралі ў Выканкам, ЦК партыі, мы з ім сустракаліся ў Менску. Гэта было прыемна — ён доктар навук, а я – малавядомы хлапец з Пінску. Заўсёды падыходзіў, пытаўся як там справы ў Пінску, як жыве сям’я. Міхасю Ткачову было цікава ўсё і безумоўна, дзеля гэтага чалавека хацелася працаваць для партыі. Дзякуючы яму, Вярцінскаму, Законнікаву і шмат іншым я пачаў вывучаць беларускую мову, на якой ніколі не размаўляў, пачаў цікавіцца айчыннай гісторыяй. Як можна было сустракацца з такімі людзьмі і не ведаць гэтага ўсяго? Для іх то было жыццё, усё арганічна. Вельмі цягнуўся за імі. Сапраўды шкада, што Міхась Аляксандравіч так рана сышоў. Лічу, што ў 1994 годзе лепшай кандыдатуры, чым ён, не было б… Пры Ткачове партыя была з аднадумцаў, сяброў, паплечнікаў і ўсё было зразумела, куды рухаемся, што наперадзе. Беларусь страціла многае…”.
На фота: Пінская газета “Плошча”, якую выдавала мясцовая арганізацыя БНФ з інфармацыяй пра незалежных кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета – 1995 год.
Віктар Цімафеевіч неаднаразова абіраўся ў Цэнтральны Камітэт сацыял-дэмакратычнай партыі, кіраваў яе арганізацыйнай структурай у Пінску. Гэта паказчык таго, як яго шанавалі і шануюць паплечнікі. Акрамя дзейнасці ў партыі, Ярашук зарэкамендаваў сябе праваабаронцам – прадстаўляў на Піншчыне Беларускі Хельсінкскі Камітэт. У 1990-я гады пачаў займацца журналісцкай справай. З 2003 па 2007 год выдаваў грамадска-палітычную газету “Мясцовы Час”. На той момант гэта ўжо было адзінае, рэальна незалежнае СМІ у рэгіёне. Напрацягу ўсяго перыяду існавання газеты яе калектыў і перш Ярашук адчуваў перашкоды ў дзейнасці, улады штораз стваралі бар’еры, чынілі ціск.
На фота: Віктар Ярашук, 2008 год.
Віктар Цімафеевіч Ярашук – гэта асоба, якае мае вагу не толькі для грамадска-палітычных актывістаў, а наўпрост для жыхароў Пінска. І гэтак будзе, бо без перабольшвання – пры ўзгадцы ягонага імя – пінчукам узгадваецца той час трывог і надзей, час магчымасцяў і веры ў сябе. Няхай не ўсё атрымалася, недзе зробленыя памылкі, але кожны рабіў уласную гісторыю жыцця.
Пройдзены сур’ёзны шлях, за які юбіляр не растраціў аўтарытэту, а значыць – шмат яшчэ наперадзе перамог і здзяйсненняў!
Беларускае Радыё Рацыя