Сацыял-дэмакраты Берасця заклікаюць палепшыць інфраструктуру адукацыі
Берасцейскія сябры Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заклікаюць прадстаўнікоў улады забяспечыць якасны і даступны ўзровень адукацыі. Актывісты накіравалі зварот на адрас упраўлення адукацыі Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэту. Ліст быў накіраваны ў сувязі з абвешчанай працай па комплексным аналізе сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У звароце актывісты звярнулі ўвагу на праблемы дашкольнай адукацыі і прапануюць шляхі выйсця з праблемы, – распавядае Ігар Маслоўскі:
– Напрыклад, у Берасці больш за 5 мікрараёнаў. У гэтых пяці мікараёнах не хапае ўстаноў дашкольнай адукацыі і дашкольнага выхавання, і людзі вымушаны вазіць дзяцей у іншыя мікараёны і губляюць шмат часу і сродкаў. І гэтым людзям ніхто гэтага не кампенсуе.
Мы таксама выказалі сваю пазіцыю адносна тых прапаноў намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, які хоча ўвесці цалкам платнае дашкольнае навучанне, – адзначае Ігар Маслоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота brest-stroit.blogspot.com