Сацыяльна-хрысціянскі рух – без рэгістрацыі
Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі Сацыяльна-хрысціянскага руху, распавяла лідар руху Вольга Кавалькова.
З яе слоў, такое рашэнне было цалкам чаканым, хоць аргументы ў Мінюста для адмовы яна назвала „зусім дзіўнымі”. Але дзейнасць Сацыяльна-хрысціянскага руху гэта не спыніць, адзначыла Вольга Кавалькова і дадала, што працягне спробы зарэгістраваць арганізацыю. Для гэтага, на яе думку, неабходны ціск і еўрапейскіх палітыкаў.
– Правядзём яшчэ адзін сход, будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю. Добра, калі б міжнародны ціск таксама аказваўся. Але ўлічваючы, як праходзіла працэдура і як Мінюст да апошняга дня тэлефанаваў нашым людзям, відавочна, што трэба было хоць штосьці знайсці, на жаль.
Дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст кіраўнік руху Вольга Кавалькова і яе намеснік Максім Гацак падалі ў канцы чэрвеня. Але Мінюст знайшоў ва ўстаноўчых дакументах два парушэнні: памылка ў імю па бацьку адной з удзельніц ўстаноўчага сходу і тое, што ў спісе кіраўніцтва грамадскага аб’яднання 7 кіраўнікоў пазначаныя як чальцы савета. У міністэрстве палічылі, што Вольга Кавалькова павінна была быць пазначаная не як чалец савета, а як старшыня. Як раней распавядала лідар СХД, варыянт зарэгістраваць рух за мяжой яна не разглядае, бо хоча дамагчыся рэгістрацыі ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя