Сацыяльны мюзікл да Дня Валанцёра ў Гародні



Валанцёры дзіцячага хоспіса з Гародні прадставяць 5 снежня ў 18.00 у “Цэнтр гарадскога жыцця” сацыяльны мюзікл “І ты зможаш”. Прадстаўленне прысвечана дзвум датам: 3 снежня адзначаюць Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю, а 5 снежня – Дзень валанцёра.

Пра адметнасць выступлення распавядае кіраўнік гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:

– Пяты год запар мы ставім сацыяльныя мюзіклы, у якіх раскрываем праблему людзей з інваліднасцю. Традыцыйна яго рыхтуюць нашыя валанцёры і дзеці з інваліднасцю. У гэтым годзе мы будзем паказваць і расказваць, праз якія выпрабаванні праходзіць чалавек з інваліднасцю для таго, каб паказаць свае таленты.

На думку Вольгі Вялічкі, гэта прадстаўленне павінна паўплываць на стаўленне да людзей з інваліднасцю.

– Гэты мюзікл пра тое, што кожны з нас можа спрыяць раскрыццю роўных магчымасцяў перад усімі, але таксама перад людзьмі з інваліднасцю. Таму што роўныя магчымасці – гэта не толькі безбар’ернае асяроддзе, роўныя магчымасці – гэта таксама змяненне нашага стаўлення да людзей з інваліднасцю.

Гарадзенскі дзіцячы хоспіс адзначыў у гэтым годзе 10 годдзе сваёй дзейнасці і пад яго апекай знаходзяцца амаль сотня дзетак з інваліднасцю.

Беларускае Радыё Рацыя