Сацыёлаг Вадалажская затрыманая ў крымінальным парадку
Кіраўнік некамерцыйнай ініцыятывы „Лятучы ўніверсітэт” сацыёлаг Таццяна Вадалажская затрыманая ў крымінальным парадку, паведаміў БелаПАН генеральны дырэктар міжнароднай няўрадавай арганізацыі „ЕўраБеларусь” Андрэй Ягораў.
Раніцай 4 жніўня ў Менску акрамя Вадалажскай былі затрыманыя яшчэ двое прадстаўнікоў „ЕўраБеларусі” — вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч і экс-кіраўнік Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і „ЕўраБеларусі” Улад Вялічка. Ва ўсіх траіх прайшлі вобшукі, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, праводзілі супрацоўнікі КДБ.
Жонка Вялічкі паведаміла БелаПАН, што ў пастанове пра вобшук фігуравала 17 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яе муж быў затрыманы ў якасці падазраванага.
„Дакладна невядома толькі пра Мацкевіча. Таня затрыманая, і яе павязуць на Акрэсціна. Улад затрыманы пасля вобшуку, нібыта ў статусе падазраванага”, — сказаў Ягораў.
Ён адзначыў, што апошнія два з паловай гады Вялічка „адышоў ад грамадскай дзейнасці і займаецца кансалтынгам”. Пасля допыту Валічка быў адпушчаны.
Міжнародная грамадская арганізацыя „ЕўраБеларусь” была створаная прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2007 годзе, зарэгістраваная ў Літве ў 2009 годзе.