Сацыёлага Таццяну Вадалажскую дапытвалі ў СК дзве гадзіны
Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, праграмнага каардынатара адукацыйнага і дыскусійнага праекта „Лятучы ўніверсітэт” сацыёлага Таццяну Вадалажскую 4 студзеня дапыталі ў Следчым камітэце, паведамляе прэс-служба КР.
Допыт доўжыўся дзве гадзіны. Вадалажская дала падпіску аб невыдаванні.
У снежні мінулага года Следчы камітэт выклікаў на допыт іншых членаў асноўнага складу КР, у тым ліку кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, уладальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса, музыканта Уладзіміра Пугача, лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова. З іх толькі апошні адмовіўся даць падпіску аб невыдаванні і пасля паведаміў БелаПАН, што яго дапытвалі ў якасці сведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэння КР.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі была створаная па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у жніўні 2020 года. Тады ж, у жніўні, па факце яе стварэння Генпракуратура распачала справу па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ або сеткі інтэрнэт).
21 снежня 2020 года Генпракуратура паведаміла аб распачынанні ў дачыненні да шэрагу членаў КР новых спраў „па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (ч. 1 і 2 арт. 361 КК), а таксама па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Рэпрэсіі закранулі ўсіх членаў прэзідыума і большасць членаў асноўнага складу КР — многія з іх трапілі пад крымінальны пераслед, затрыманыя або вымушана з’ехалі за мяжу.
Фота з сайта 3sektar.bу