Сатырычныя плакаты часоў Другой сусветнай вайны паказалі ў Слоніме
10 ліпеня 1944 года войскі гітлераўскай Германіі пакінулі Слонім, а горад над Шчарай занялі вайскоўцы Чырвонай Арміі. Таму штогод у гэты дзень слонімцы адзначаюць Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашыскіх захопнікаў.
Сёлета, 10 ліпеня, у Слоніме ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам, адбыўся аўтапрабег па месцах баявой славы, а ў гарадскім парку вечарам граў ваенны духавы аркестр. Але найбольш слонімцаў у гэты дзень зацікавіла выстава ў мясцовым раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага пад назвай “Вялікая Айчынная вайна. Сатырычны плакат”.
На выставе наведнікі знаёміліся з сатырычнымі газетамі 1941-1944 гадоў – “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка”, а таксама з ваеннымі плакатамі, якія работнікі музея выставілі з музейных фондаў.
Старэйшая супрацоўніца музея Ірына Шпыркова распавядала пра сатырычныя выданні Другой сусветнай вайны і пра тыя, якія захоўваюцца ў Слонімскім краязнаўчым музеі.
На адкрыцці выставы пабывалі не толькі слонімцы, але і вайскоўцы Слонімскай 11 механізаванай брыгады.
[Not a valid template]
Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім
Фота аўтара