Савет Рэспублікі ўхваліў новы законапраект аб службе ў арміі



 Савет Рэспублiкi 28 чэрвеня ўхваліў законапраект „Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. За прагаласавала 47 членаў верхняй палаты парламента, супраць — адзін, яшчэ адзін не галасаваў.

Сёння раніцай Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў другім чытанні.

Законапраект надзяляе ваенкаматы правам атрымліваць персанальныя дадзеныя грамадзян, якiя знаходзяцца або абавязаныя знаходзіцца на воiнскiм улiку прызыўнiкоў i ваеннаабавязаных, бясплатна і без іх дазволу.

Дакумент прадугледжвае падаванне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовай адтэрміноўкі для атрымання першай адукацыі, якая дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, згодна з законапраектам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага характару да паступлення ў ВНУ і выпускнікі ВНУ — бакалаўры да паступлення ў магістратуру ці аспірантуру павінны будуць адслужыць у войску.

У той жа час прынцып аднаразовага падавання адтэрміноўкі ад службы ў войску не будзе распаўсюджвацца на грамадзян, якія навучаюцца за мяжой па накіраваннях дзяржаўных органаў або арганізацый.

Дакумент забараняе прымаць грамадзян, якія не прайшлі ваенную службу па прызыве без законных падстаў, на дзяржаўную службу, службу ў МУС, МНС, Следчым камітэце, Дзяржкамітэце судовых экспертыз, дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

Акрамя таго, грамадзянам, якiя не з`яўляюцца на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве і не выконваюць абавязкі па воінскім уліку, будзе часова абмежаванае права на выезд з Беларусі.

belapan.by