Савецкая “мілітарызацыя” райцэнтраў Беларусі
У Зэльве вайскоўцы ўстанавілі самалёт СУ-24МР, які раней знаходзіўся на ўзбраенні 116-й авіяцыйнай базы ў Росі каля Ваўкавыска.
Калі аэрадром ў Росі закрылі, усю тэхніку перавезлі ў Баранавічы. Адтуль і прыцягнулі самалёт у Зэльву. Цяпер ён стаіць, як помнік, у гэтым невялікім гарадскім пасёлку на беразе Зальвянкі. Побач з самалётам некалі паставі БМП і пушку. А пару гадоў таму аказалася гэтага мала і амаль у цэнтры Зэльвы на п’едэстал завалаклі і танк.
Зэльвенцы здзіўлены, такой савецкай “мілітарызацыяй”: няўжо ў Зэльве няма каму ставіць помнікі і адкрываць мемарыяльныя шыльды? На 100-годдзе знакамітай паэткі Ларысы Геніюш, творчая інтэлігенцыя Беларусі адкрыла на доме, дзе жыла паэтка, мемарыяльную швыльду. Але яе мясцовыя ідыёлагі сарвалі са сцен хаты і аднеслі ў міліцыю. У 2012 годзе Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын усё ж змаглі забраць з Зэльвенскага РАУС шыльду Ларысы Геніюш. Але яе да сённяшніх дзён так зэльвенскія вертыкальшчыкі і не дазваляюць прымацаваць да хаты паэткі. А вось танкаў, пушак, самалётаў у Зэльве наставілі шмат, як быццам гэта вайсковы райцэнтр, а не радзіма Ларысы Геніюш і Васіля Захаркі.
Дарэчы, у суседнім з Зэльвай Ваўкавыску таксама панастаўлялі ваеннай савецкай зброі: там стаяць дзве пушкі, самалёт, танк і БМД. А ў Слоніме ў старажытным цэнтры горада яшчэ ў 1969 годзе ўстанавілі танк Т-34.
У Дзятлаве каля краязнаўчага музея даўно паставілі БМП і пушку. Спачатку пушка была накіравана на ўсход, а потым па загадзе райвыканкама, яе павярнулі на захад. І такіх прыкладаў можна прыводзіць безліч. Бо падобнымі помнікамі завалены ўсе райцэнтры Беларусі.
Савецкая “мілітарызацыя” і ідыялогія райцэнтраў Беларусі працягваецца.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва
Фота аўтара