Савецкія архівы ў Беларусі засакрэцілі яшчэ больш?
Многія звесткі пра расстраляных камуністамі людзей былі засакрэчаныя ўладамі ў 2018 годзе.
Кіраўнік ініцыятывы „Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” Ігар Станкевіч адзначае, што Нацыянальны архіў цяпер патрабуе пацверджанне сваяцтва з рэпрэсаванымі ад таго, хто запрошвае звесткі, акрамя таго, некаторыя звесткі ўсё адно не здабыць:
– Нягледзячы на тое, што папярэдняе кіраўніцтва архіву заяўляла пра тое, што база дадзеных не мае ніякіх грыфаў „сакрэтна”. Важна, што грамадзяне маюць доступ да гэтай базы. Сёння доступ да гэтай базы закрыты. Што адбылося мы пакуль не разабраліся. Магчыма давядзецца ісці ў суд, каб дамагацца права атрымаць інфармацыю пра сваіх родзічаў, сваіх сваякоў. Гэта тое, што тычыцца Нацыянальнага архіву.
Ігар Станкевіч адзначае, што яшчэ большыя праблемы ёсць у архіве КДБ. Раней некаторыя дакументы толькі зачытвалі на слых. Шмат дакументаў пра рэпрэсаваных савецкай уладай і дагэтуль не выдаюцца на рукі людзям.
Беларускі Хельсінскі камітэт па просьбе ініцыятывы „Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” выпусціў памятку для людзей, якая павінна дапамагчы ўсім, хто шукае звесткі пра сасланых і расстраляных. Там апісаныя крокі, куды і як звяртацца, каб атрымаць інфармацыю.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя