Саюз беларускіх пісьменнікаў выказаў пратэст супраць адкрыцця рэстарану ля Курапатаў
Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) выказала „рашучы пратэст” супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты. Адпаведная заява апублікаваная 7 чэрвеня на афіцыйным сайце грамадскай арганізацыі.
„6 чэрвеня, фактычна ў 30-ю гадавіну першай публікацыі праўды пра Курапацкую трагедыю ў пісьменніцкім тыднёвіку „Літаратура і мастацтва”, непасрэдна каля месца ўшанавання і грамадскага мемарыяла па ахвярах сталінскіх забойстваў, насуперак негатыўнаму стаўленню грамадскасці, быў адчынены забаўляльны комплекс-рэстаран „Поедем поедим”, — адзначана ў дакуменце. — Цягам некалькіх гадоў дэмакратычная супольнасць праводзіла маніторынг дзейнасці ўласнікаў рэстарана і рэагавала на ўсе спробы яго адкрыцця, а пасля таго як гэта ўсё-такі здарылася, распачала бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву„.
„Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў разам з усёй неабыякавай грамадскасцю выказвае рашучы пратэст з нагоды ганебнай падзеі — адкрыцця рэстарана „Поедем поедим”, наведнікі якога будуць харчавацца і танчыць побач з лесам памятных крыжоў курапацкага мемарыяла. Такой ганьбы не зведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мемарыял у свеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плануецца з улікам меркаванняў супольнасці, у тым ліку меркаванняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасцянцы, як не адкрыты ён у Асвенцыме ці Майданаку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, акцёраў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая знявага па-ранейшаму магчымая”, — падкрэслілі аўтары заявы.
Беларускія літаратары адзначылі, што яны шануюць „права прыватнай уласнасці”, але заклікаюць уладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, „да шырокага грамадскага дыялогу, у выніку якога будуць выпрацаваны захады да дээскалацыі грамадскага канфлікту і ўлічаны інтарэсы ўсіх бакоў„.
Паводле аўтараў заявы, „памяць пра сотні тысяч загінулых, знішчаных сыноў і дачок Беларусі” патрабуе стварэння ў Курапатах музея ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій. „Мы ўпэўненыя, што з усіх бакоў ёсць людзі, для якіх пашана да продкаў, а тым больш да бязвінных ахвяраў, — святое. Гэта ў спрадвечных традыцыях, у самім характары беларусаў, што і мусіць стаць вырашальным у канфлікце, які склаўся вакол нацыянальнага мемарыяла „Курапаты”, — гаворыцца ў дакуменце.
Заяву падпісалі прыблізна 40 літаратараў, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч (Сачанка).
З 31 траўня грамадскія актывісты і палітыкі праводзяць акцыі пратэсту супраць адкрыцця каля ўрочышча, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінізму, комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім”. 3 чэрвеня ў Курапатах адбыўся дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ, галоўнай тэмай якога стала пагроза для гісторыка-культурнай каштоўнасці, што зыходзіць ад забаўляльнай установы.
6 чэрвеня ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху — знаходжанні пешаходаў на праезнай частцы (пункт 17.1 ПДР). БелаПАН