Саюз палякаў у Беларусі адзначае 30-гадовы юбілей (абноўлена)
У Гародні працягваюцца мерапрыемствы прысвечаныя 30-годдзю Саюзу Палякаў у Беларусі. У маёнтку Караліно спявалі польскія хоры з розных рэгіёнаў Беларусі і адбылося уганараванне аддзелаў Саюзу Палякаў з розных рэгіёнаў Беларусі. У час мерапрыемства прамаўляла старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, якая ўзгадала этапы развіцця арганізацыі:
Гэтыя 30 гадоў можна падзяліць на два этапы дзейнасці: перыяд развіцця ад пачатку – з 1988 года да 2005 года, за гэты час, дзякуючы нашым высілкам, паўсталі польскія школы, асяродкі навучання польскай мовы, арганізаваліся па Беларусі суполкі, з’явілася прэса польскамоўная, таварыствы польскія, клубы, пабудаваныя 16 Польскіх дамоў, якія мелі навучаць польскай мове і служыць польскай справе. І перыяд ад 2005 года, калі Саюз страціў гэта.
На святочныя мерапрыемствы завіталі прадстаўнікі Сойму і Сенату з Польшчы, прадстаўнікі дыпламатычнай службы ў Гародні і Менску, а таксама грамадскія дзеячы, якія цягам 30 год дапамагалі Саюзу Палякаў ў Беларусі.
Сярод удзельнікаў урачыстасцяў – кіраўнічка “Белсату” – Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая складае свае віншаванні польскай арганізацыі:
– Перадусім зычу ім вытрымкі, сілы, шмат здароўя, бо яно вельмі патрэбнае. Канешне адвагі, якая ім пастаянна патрэбная. Разважлівасці, каб умелі аддзяляць адно ад другога, так як прамаўляў сёння ксёндз у казані, як сееш, то трэба адрозніваць зерне і асцюкі, таму яны павінны мець упэўненасць і спакой, каб выйграла тое першае – зерне, каб дасягнуць і рэалізаваць тое, пра што казаў ксёндз.
Заўтра, 29 ліпеня, у межах святкавання 30-годдзя Саюзу палякаў у Беларусі запланаваны аб’езд польскіх месцаў нацыянальнай памяці на Гарадзеншчыне, і на завяршэнне – супольны пікнік на Аўгустоўскім канале.
***
Пасля урачыстай імшы ўдзельнікі святкавання 30-годдзя ўтварэння Саюзу палякаў у Беларусі скіраваліся на Вайсковыя могілкі, дзе ўсклалі кветкі да Катыньскага сімвалічнага крыжа ў памяць загінуўшых польскіх вайскоўцаў.
На святкаванне юбілею СПБ у Гародню з Менску прыехалі таксама Алена Анісім і Аляксандр Мілінкевіч.
Кажа старшыня ТБМ Алена Анісім:
– Я лічу за гонар прысутнічаць пад час гэтай імпрэзы, таму што, як старшыня Таварыства Беларускай Мовы я цешу сябе тым, што паміж нашымі арганізацыямі ёсць пэўная супраца ў культурна-адукацыйнай сферы. Сябры нашай арганізацыі прымаюць чынны ўдзел у розных імпрэзах Саюзу палякаў у Беларусі. І гэта натуральна, бо мы ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і зацікаўлены ў тым, каб нашае жыццё тут, кожнага чалавека, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання і палітычных поглядаў, было тут як найлепшым.
Саюзу палякаў Беларусі – 30-гадоў. Сябры афіцыйна непрызнанай грамадскай арганізацыі прыехалі ў Гародню на святкаванне юбілею. Урачыстасці пачаліся ў найстарэйшай каталіцкай святыні горада – Пабернардзінскім касцёле.
Саюз палякаў у Беларусі паўстаў у 1988 годзе на базе Таварыства імя Адама Міцкевіча. З 2005 году, калі ўлады Беларусі не прызналі вынікі шостага з’езду арганізацыі, дзе на пасаду старшыні абралі Анжаліку Борыс, арганізацыя раскалолася на дзве часткі – неафіцыйную, якую прызнаюць у свеце, і афіцыйную, якую прызнаюць улады Беларусі.
Кажа сябра Галоўнай рады непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў – Анджэй Пачобут:
– Тая прапанова, якую беларускі рэжым мае для палякаў, яна зводзіцца да таго, што трэба адмовіцца ад мовы, адмовіцца ад сваёй гісторыі і г.д. Вядома, што існуе адзіны праўладны так званы Саюз палякаў. Калі мы паглядзім, што ён з сябе ўяўляе, то відавочна, што гэта людзі, якія не ведаюць польскай мовы, якія не цікавяцца польскай культурай, якія фактычна займаюцца абслугоўваннем інтарэсаў улады ў ідэалагічнай сферы.
На ўрачыстаці ў Гародню прыехала дэлегацыя з Польшчы, у тым ліку вядомыя польскія палітыкі – Робэрт Тышкевіч, Міхал Дворчык ды іншыя. Частку гасцей беларускія памежнікі не прапусцілі, у тым ліку ксяндза Рышарда Уманьскага з Чэнстаховы.
* * *
Cвяточная імша, ускладанне кветак, урачыстасці ў Караліно, што каля Гародні. Такі план мерапрыемстваў святкавання 30-годдзя непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі. Урачыстасці праходзяць у Гародні з удзелам прадстаўнічай дэлегацыі з Польшчы:
– На святкаванне 30-годдзя Саюза палякаў на Беларусі прыехалі польскія прадстаўнікі Сейма і Сената. Прыехаў віцэ-маршалак Сейма, ёсць міністры, частка людзей не даехала, бо былі праблемы з перакрочваннем мяжы. Віцэ-маршалку ўручылі хлеб-соль прадстаўнікі харцэрства, якія вучацца на польскай мове. Прысутнічаюць таксама Аляксандр Мілінкевіч, прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый, якія ў канцы 80-х стваралі Саюз палякаў на Беларусі. У межах святкавання адбудзецца ўскладанне кветак каля Катыньскага крыжа на вайсковых могілках у Гародні. У 18 гадзін уся дэлегацыя, з прадстаўнікамі Саюза палякаў на Беларусі, паедзе ў Караліно, дзе будуць адбывацца мерапрыемствы ўрачыстасці.
[Not a valid template]
Спікер Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі наведвае Беларусь, дзе сустрэнецца, у прыватнасці, з прадстаўнікамі польскай меншасці і прыме ўдзел у святкаванні 30-годдзя СПБ.
Падчас аднадзённага візіту ў Беларусь маршалка будуць суправаджаць, у прыватнасці, намеснік кіраўніка міністэрства замежных спраў Анджэй Папеж, чальцы сенацкай Камісіі па справах эміграцыі і сувязі з палякамі за мяжой, а таксама сенатары ад партыі Права і справядлівасць Артур Важоха і Андрэй Паёнк.
Галоўнай мэтай праграмы візіту з’яўляюцца ўрачыстасці прысвечаныя 30-годдзю дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі, якія пройдуць у Гародні. Пачне іх святая імша ў Бернардынскім касцёле. У ёй таксама прымуць удзел: кіраўнік Канцылярыі старшыні Савета міністраў Міхаіл Дворчык і шматлікія госці з Польшчы, а таксама сябры арганізацыі з усёй Беларусі.
У сувязі са святкаваннем юбілею СПБ свае віншавальныя звароты накіравалі прэм’ер-міністр Польшчы Мацей Mаравецкі і старшыня партыі „Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі.
Беларускае Радыё Рацыя