Саюз палякаў на Беларусі адзначыць 71-ыя ўгодкі аперацыі “Вострая брама”



Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі супольна з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гародні арганізуюць урачыстасці, прысвечаныя 71-й гадавіне аперацыі Арміі Краёвай “Вострая брама”.

“Мерапрыемствы пройдуць у бліжэйшыя выходныя 11-12 ліпеня на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці”, – кажа актывістка Саюза палякаў і адна з ініцыятараў правядзення урачыстасцяў Тэрэса Пятрова:

– Гэта традыцыя паўстала ў нас з 1999 года, спачатку не было такога ўзроўню: збіраліся самі, пару чалавек. Ехалі ў касцёл, маліліся, імшу заказвалі. Ездзілі на гэтыя магілы. Так атрымалася, што прыязджаем у гэтыя летнія дні. І далучылі да гэтага яшчэ магілы, якія паходзяць з 20-ых гадоў, калі маладая Польшча абараняла сваю Незалежнасць.

Наведванне магілаў жаўнераў Арміі Краёвай, што загінулі падчас аперацыі “Вострая брама” адбудзецца ў Гарадзенскім, Лідскім, Смаргонскім, Іўеўскім і Шчучынскім раёнах Гарадзенскай вобласці.

Як вядома, у 1944 годзе гэтая аперацыя распрацоўвалася з мэтай вызвалення Вільні ад нямецкіх захопнікаў сіламі Арміі Краёвай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня