Саюз палякаў прыняў заяву з асуджэннем дыскрымінацыі арганізацыі
Галоўная рада непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі на першым сёлетнім пасяджэнні прыняла заяву, у якой асуджае дыскрымінацыю арганізацый, што ўваходзяць у СПБ, – піша znadniemna.pl. “Галоўная рада зафіксавала шматлікія факты блакавання або абмежаванні статутнай дзейнасці СПБ органамі дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў заяве Саюзу палякаў у Беларусі.
Як паведаміў сябра яго галоўнай рады Анджэй Пачобут, прыняць такую заяву прымусіў таксама ціск на настаўнікаў і дзяцей у школах з польскай мовай навучання:
– Гэта было ў Маладэчне, Індуры, Менску, Валожыне. Былі факты, калі аказваўся ціск на настаўнікаў, каб яны не дапускалі дзяцей, якія вучаць польскую мову, на мерапрыемствы Саюза палякаў. Традыцыйна Саюз палякаў арганізоўвае мерапрыемствы для дзяцей, якія вывучаюць польскую мову. І ім, між іншым, даюць падарункі. Дзеці ўдзельнічаюць у культурнай праграме і гэтак далей.
“А калі ціснуць ужо на дзяцей, то пра якую легалізацыю Саюза палякаў у Беларусі можа ісці гаворка?”, – дадае Анджэй Пачобут. Акрамя таго Саюзу палякаў у Беларусі чынілі перашкоды ў арганізацыі святкавання стагоддзя незалежнасці Польшчы: тройчы адмовілі ў памяшканні, а пазней гвалтоўна спынілі святочны канцэрт.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя