СБУ затрымала экс-баевіка „ЛНР”
Контрвыведка Службы бяспекі Ўкраіны затрымала кіраўніка службы ракетна-артылерыйскага ўзбраення аднаго з батальёнаў тэрарыстычнай арганізацыі „ЛНР” Сяргея Сяменчанку. Пра гэта расказалі ў сюжэце ТСН на тэлеканале „1+1”.
Супрацоўнікі контрвыведкі сачылі за жыхаром Луганску Сяменчанкам каля году. Амаль два гады ён раздаваў баевікам боепрыпасы, а потым выехаў на тэрыторыю Ўкраіны. Галіцкі суд Львова арыштаваў яго на два месяцы, цяпер Сяменчанка ў следчым ізалятары.
Сяменчанка быў капітанам так званай народнай міліцыі ЛНР. Каардынаваў прыём расейскай зброі і выдачу яе баевікам. Зараз ён супрацуе са следствам.
Па словах арыштаванага, луганскія баевікі ваююць з расейскай зброяй і пад кіраваннем расейцаў. Вайскоўцы прыбываюць з расейскага Навачаркаску пад прыдуманымі прозвішчамі і з дакументамі „ЛНР”.
У сюжэце расказваецца, што ў тэлефоне і на флэш-накапляльніках контрвыведнікі знайшлі многа важнай інфармацыі і фота.
Сяменчанка расказаў, што мясцовыя баевікі незадаволеныя тым, што імі кіруюць з Масквы. Па яго словах, расейскіх афіцэраў кантралююць іншыя расейскія афіцэры з Федэральнай службы бяспекі.
„Спецпадраздзяленні” называюць сябе „купаламі”. Яны кантралююць сваіх вайскоўцаў, прыглядаюць за імі, каб не кралі, не гулялі, каб ніякія дакуманты не выходзілі”, – расказаў затрыманы.
Сяменчанку пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі. Змякчыць пакаранне могуць „каштоўныя доказы расейскай прысутнасці, якія ён вынес з сабой”, гаворыцца ў сюжэце ТСН.
Беларускае Радыё Рацыя