Сельгасакадэмія ў Горках адзначае 175-годдзе



Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі споўнілася 175 гадоў. Акадэмія мае доўгую і пакручастую гісторыю. У 1848 годзе яна з земляробчай школы стала земляробчым інстытутам. Акадэміяй установу зрабілі ў 1925 годзе, а дагэтуль быў перавод у Пецярбург, што здарыўся пасля паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гг. Ваенны начальнік Магілёўскага ваяводства Людвік Звяждоўскі, кіраўнік Горацкага падпольнага камітэту Станіслаў Віскоўскі пры дапамозе многіх студэнтаў і выкладчыкаў акадэміі змагаліся супраць войскаў царскай Расеі. У час бою за захоп Горак загінулі студэнты Акадэміі Дамарацкі і Пржэбольскі. Вядома, пасля здушэння паўстання акупацыйная расейская ўлада вырашыла расправіцца з адным з „рассаднікаў” рэвалюцыйных ідэй, спачатку прыём на навучанне прыпынілі, а на наступны год перавялі інстытут у Пецярбург, падалей ад „мяцежных рубяжоў”.

У Горкі выхаванне спецыялістаў па сельскай гаспадарцы вярнулася толькі ў 1919 годзе, больш чым праз паўстагоддзі! На акадэмічнай бібліятэцы можна бачыць дошку ў гонар Янкі Купалы, які быў тут пачэсным госцем і браў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды заснавання „альма матэр”.

Святкаванні фактычна пачаліся яшчэ ў пятніцу, 25-га верасня, але на наступны дзень праграма была болей насычанай. Гасцей Горак знаёмілі з навуковымі дасягненнямі вучоных, якія працуюць у Акадэміі, ладзіліся канцэрты, а на вуліцы Студэнцкай была дэгустацыя прадукцыі, продаж сувеніраў, выстава з вышыванымі карцінамі (кінулася ў вочы вышытая „Альфа-Рамэа”), канцэртная праграма. Адбыліся і неспадзяванкі: у амфітэатры замест запланаванага на 13.00 выступу каманд КВЗ, пачаўся эстрадны канцэрт. Дарэчы, на доме каля амфітэатру дагэтуль намаляваны лагатып у гонар „Дажынак”, якія былі тут у 2012 годзе. Варта адзначыць, што надпісаў на беларускай мове ў Горках зусім няшмат. Акрамя ўжо згаданай дошкі ў гонар Купалы і эмблемы „Дажынак” было прыемнай нечаканасцю ўбачыць шыльду „адчынена” на краме побач з Палацам культуры БДСГА. Але ў цэлым роднай мовы практычна не сустрэць. А вось адна з сацыяльных рэкламаў побач з аўтавакзалам здзівіла: просьба заплаціць аліменты, няўжо варта меркаваць, што Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама не спрабуе змагацца з калегамі з іншых установаў за поўныя сем’і і маральна рыхтуе грамадства да ранейшых праблемаў з разводамі?

Міліцыі на свяце было – што ўжо звыкла – шмат. Дастаткова было і асоб у цывільным, якіх „выкрывалі” рацыі. Кантроль на ўваходах на тэрыторыю, што вылучылі пад свята, трываў, аднак быў пільным і культурным адначасна.

Важна адзначыць, што сярод сувеніраў у Горках дастаткова шмат гарадской сімволікі. Па вуліцах ездзяць аўтамабілі з вымпеламі з выявай герба горада ў кабінах, што рэдка заўважыш у іншых гарадах Беларусі.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя