Распачаты сем крымінальных спраў у сферы адукацыі Гарадзеншчыны



Камітэт дзяржкантролю Гарадзенскай вобласці распачаў сем крымінальных спраў па выніках праверак сферы адукацыі ў рэгіёне. Пра гэта было заяўлена 11 верасня на калегіі КДК Гарадзенскай вобласці, дзе былі разгледжаны вынікі праверак выканання дзяржпраграм у сферы адукацыі.

Паводле інфармацыі прэс-службы камітэта, на пасяджэнні паведамлялася, што, акрамя распачынання крымінальных спраў, меры адміністрацыйнай адказнасці прымененыя да 18 службовых асоб, у дысцыплінарным парадку пакарана 205 супрацоўнікаў (з іх шэсць вызвалена ад пасад).

Усяго ў перыяд праверак выяўлена выкарыстанне з парушэннем заканадаўства бюджэтных сродкаў на 2,6 млн рублёў, нямэтавае выкарыстанне — 11,9 тыс. рублёў, неэфектыўнае выкарыстанне — 720 тыс. рублёў. Зэканомлена 1,2 млн рублёў бюджэтных сродкаў, пастаўлена на ўлік асноўных сродкаў на 3,9 млн рублёў.

Як паказалі кантрольна-аналітычныя дзеянні, у рэгіёне не ў поўным аб’ёме выконвалася дзяржпраграма „Адукацыя і маладзёжная палітыка”, парушалася фінансавая дысцыпліна і бюджэтнае заканадаўства, недастаткова кантралявалася расходаванне бюджэтных сродкаў, неэфектыўна выкарыстоўвалася дзяржаўная маёмасць.

Праверка паказала, што ў вобласці адсутнічаў належны кантроль дзейнасці падпарадкаваных арганізацый з боку ўпраўлення адукацыі і вертыкалі раёнаў. Такая бяздзейнасць спрыяла ўчыненню карупцыйных правапарушэнняў службовымі асобамі ўстаноў адукацыі.

Адзначана, што мясцовымі органамі ўлады і абласным упраўленнем адукацыі мала ўвагі надавалася кадравым праблемам, замацаванню маладых спецыялістаў на першым месцы працы. Штогадовая патрэба рэгіёну ў педагагічных кадрах ацэньваецца ў 730—850 чалавек. Больш за ўсё мае патрэбу ў кадрах Астравецкі раён (патрабуецца 74 чалавекі), Ленінскі раён Гародні (69) і Слонімскі раён (60). Пры гэтым у 2015 годзе па розных прычынах не пачалі працаваць на першым працоўным месцы 124 чалавекі, у 2016 годзе — 100 чалавек.

Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі выкрытыя факты невыканання падатковага заканадаўства, правілаў бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, парадку налічэння зарплаты.

belapan.by