Семярых пінчукоў прызналі палітвязнямі
З дванаццаці жыхароў Пінска, якіх затрымалі ў сакавіку-красавіку, семярых беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў стыхійным мітынгу ў першы паслявыбарчы вечар, а менавіта ў сутычцы з сілавікамі.
“Астатнія сваякі затрыманых яшчэ глядзяць на падзеі ў краіне праз ружовыя акуляры”, – гаворыць старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова:
– Ёсць вельмі шмат людзей, якія адчуваюць ілюзію лаяльнасці ўлады. Яны думаюць, што гэта проста непаразуменне, і самадзержац не ведае пра тое, што гэта непаразуменне. Яны думаюць, што калі яны будуць дэманстраваць лаяльнасць рэжыму, то да іх будзе праяўлена ласка. Я мяркую, гэта зман і тэрміны будуць выносіцца роўныя, незалежна ад таго, чалавек прызнаны палітвязнем ці не.
Судовы працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы”, якая складаецца з дзевяці пінчукоў, пачнецца ў Берасці 31 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя