Сербская праваслаўная царква не прызнала рашэнне Канстанцінопаля па Украіне



Архірэйскі сабор Сербскай праваслаўнай царквы адмовіўся прызнаваць рашэнні Канстанцінопальскага патрыярхату па Украіне абавязковымі для выканання і вырашыў не ўстанаўліваць кананічныя зносіны з украінскімі цэрквамі. Пра гэта 12 лістапада паведамілі ў прэс-службе Сербскай праваслаўнай царквы па выніках сабору, які прайшоў у Белградзе.

Сербская царква заклікала да правядзення Усеправаслаўнага сабору для супольнага абмеркавання пытання аўтакефаліі ўкраінскай царквы.

Напомнім, што 11 кастрычніка бягучага года Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату пастанавіў вярнуць Украіну пад сваю юрысдыкцыю, адмяніўшы свой жа ўказ ад 1686 года пра перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскве, і зняў анафему з лідараў дзвюх украінскіх цэркваў.

У звязку з гэтым РПЦ 15 кастрычніка разарвала еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім патрыярхам, а 20 кастрычніка абвесціла Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея раскольнікам па царкоўных канонах.

3 лістапада прэзідэнт Украіны і Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісалі пагадненне пра супрацу, якое, на думку Парашэнкі, завяршае працэс – каб прадастаўленне томаса адбылося па ўсіх канонах праваслаўнай царквы”. Беларускае Радыё Рацыя