Сержука Русецкага звольнілі з працы



Колькасць бярозаўскіх беспрацоўных расце. У прыватнасці, не працягнуты кантракт з праваабаронцам, старшынём раённай суполкі БНФ Сержуком Русецкім.

22 гады ён прапрацаваў у сферы вытворчасці будматэрыялаў, апошнія восем гадоў – на камбінаце сілікатных вырабаў Юрыя Чыжа інжынерам-канструктарам і апошні год сумяшчаў пасаду начальніка рамонтна-механічнага цэха. Часткова на звальненне паўплывала грамадска-палітычная дзейнасць, лічыць Сяржук Русецкі:

– Гэта паўплывала толькі ў нейкай частцы. Вялікая прычына ў тым, што ідзе скарачэнне працаўнікоў. У 90-ыя гады, калі  Беларусь выйшла, што  краіны Балтыі, што Польшча, тады не стварылі ўмоваў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Мадэрнізацыя ўсёй беларускай эканомікі тармазілася, імкнучыся захаваць усё савецкае. У выніку цяпер людзям, якіх скарачаюць, фактычна няма куды ісці.

Паводле Сержука Русецкага, знайсці новую працу ў Бярозе вельмі праблематычна. Амаль усе прадпрыемства працуюць няпоўны тыдзень.

Рынак працы перанасычаны. А калі чалавеку за 50, то шанцы вельмі мінімальныя. Трэба адзначыць, што па тэмпах росту беспрацоўя Беларусь выйшла ў лідары на абшарах СНД.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза